Старонка:З пушкі на Луну.pdf/169

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Так! Сто, тысячу слоў магу яшчэ сказаць! — адказаў незнаёмы з няўтоеным раздражэннем. — Ці, лепш, адзін яшчэ довад! Рызыкнуць такім падарожжам, настойваць на сваім намеру можа толькі чалавек…

— Неасцярожны? — хутка перапыніў Ардан, каб не дапусціць незнаёмага да рэзкасці, якая зноў выклікала-б буру. — Няўжо вы будзеце лічыць мяне неасцярожным, мяне, які перш за ўсё патрабаваў ад друга Барбікена замены круглай бомбы цыліндра-канічным ядром; каб у дарозе не круціцца, як вавёрка ў коле!

— Але, няшчасны, аддача ядра вас разнясе ўшчэнт!

— Дарагі мой апанент, вось цяпер вы дайшлі свайго! Сапраўды, гэта самая сапраўдная і нават адзіная небяспека. Аднак, я вельмі веру ў вынаходлівы геній амерыканцаў і ўпэўнен, што яны што-небудзь прыдумаюць. Часу яшчэ ёсць.

— Але вы забываеце, што супраціўленне атмасферы пры страшэннай скорасці снарада дасць такую вялікую колькасць цяпла, што не толькі вы самі, але і снарад ваш не вытрымае.

— О, сценкі снарада даволі тоўстыя! К таму-ж я, можна сказаць, мігам пералячу праз атмасферу!

— Ну, а харчы? Вада?

— Усё разлічыў, дарагі! Харчоў магу набраць хоць на цэлы год, а ў дарозе я буду толькі чацвёра сутак…

— А чым дыхаць у дарозе?

— Хіба цяжка хімічна ачышчаць паветра?

— А ўдар пры падзенні на Луну, калі толькі ядро да яе даляціць?

— О, гэты ўдар будзе ў шэсць разоў меншай