Старонка:З пушкі на Луну.pdf/166

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Выдатны адказ! — усклікнуў Мішэль Ардан, не стрымліваючыся ад камплімента праціўніку. — Вы, я бачу, вельмі моцныя ў навуцы аб Луне.

— Так, я яе добра ведаю і дадам вам, што самыя выдатныя назіральнікі, Бэр і Мэдлер, — тыя іменна, якія дэталёвей за ўсіх даследавалі Луну, — прышлі да зусім цвёрдага вываду аб поўнай адсутнасці на ёй атмасферы.

Сход заварушыўся. Довады дзіўнага незнаёмага пачалі, відавочна, рабіць уплыў на агульную думку.

— Пойдзем далей, — зусім спакойна сказаў Мішэль Ардан. — Што вы цяпер адкажаце на наступны довад? Зусім нядаўна, пры зацменні 18 ліпеня 1860 года, адзін вельмі выдатны французскі назіральнік, вядомы астраном Лоседа, канстатаваў, што рогі (канцы) выступаючага сонечнага сярпа здаваліся прытупленымі і закругленымі. Такая з’ява магла быць толькі з прычыны пераламлення сонечных праменняў у луннай атмасферы. Іншага тлумачэння быць не можа!

— Але ці праўдзівы факт? — са жвавасцю перапытаў незнаёмы.

— Абсалютна праўдзівы!

Новы рух у аудыторыі, але на гэты раз ужо ў бок Ардана, які паспеў стаць улюбёнцам натоўпу.

Незнаёмы маўчаў. Ардан зноў гаварыў сваю прамову і, не фанабэрачыся перамогай над праціўнікам, сказаў самым прастадушным тонам.

— Вы бачыце, што нельга так рашуча адмаўляць існаванне лучнай атмасферы. Напэўна, гэта атмасфера вельмі рэдкая, мае надзвычай малую шчыльнасць, але з навуковага пункту гледжання прыходзіцца прызнаваць яе існаванне…