Старонка:З пушкі на Луну.pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дарожжа будзе ажыццёўлена. Што да экіпажа ці сродкаў перасоўвання, то яны проста следуюць закону прагрэса. Чалавецтва пачало хадзіць на чацвяронках. У адзін прыгожы дзень чалавек умеў ужо хадзіць на двух нагах; затым ён вынайшаў тачку, потым калёсы, потым каляску, потым фургон, потым дыліжанс, потым чыгунку. І што-ж? Фургонам, вагонам будучага будзе абавязкова пушчаны снарад. Успомніце планеты — што гэга такое? Снарады, звычайныя пушачныя ядры, выпушчаныя ў прастору самой прыродай. Але вернемся да нашага снарада. Некаторыя з вас можа думаюць, што снарад калумбіяды будзе мець непамерную, нечуваную скорасць. Гэта зусім не так: нябесныя свяцілы рухаюцца хутчэй; нават Зямля, у сваім так званым паступальным руху вакол Сонца, цягне нас за сабой у тры разы хутчэй. Прывяду некалькі прыкладаў. Толькі дазвольце мне лічыць на французскія лье[1], таму што я не прывык да вашых амерыканскіх мер і баюся заблытацца ў сваіх вылічэннях.

Просьба здалася зусім натуральнай; яна не выклікала ніякіх супярэчанняў.

Прамоўца казаў далей:

— Вось, шаноўныя судары, некалькі даных аб скорасці руху розных планет. Павінен прызнацца, што, не гледзячы на сваё невуцтва, я ведаю вельмі дакладна гэтыя маленькія астранамічныя падрабязнасці; але праз дзве хвіліны вы ўсе будзеце такімі-ж вучонымі, як і я. Нептун прабягае пяць тысяч лье за гадзіну. Уран — сем тысяч; Сатурн — восем тысяч восемсот пяцьдзесят восем; Юпітэр — адзі-

  1. Лье — 4 кілометры.