Старонка:З пушкі на Луну.pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Цяжка ўявіць сабе больш сільны кантраст між двума асобамі, чым між французам Мішэлем Арданам і амерыканцам Імпі Барбікенам! І між тым у іх было многа агульнага: абодва былі ў вышэйшай ступені прадпрыемлівыя, адважныя, заўзята-смелыя, але кожны — на свой уласны лад.

Барбікену нядоўга прышлося разглядаць прыезджага, які сваёй шалёна-смелай прапановай, відавочна, павінен быў адсунуць яго самога, Барбікена, на другі план. Пачулася гучнае «ура» натоўпа, які вітаў Ардана. Кожны хацеў асабіста паціснуць яму руку, і захапленне набыло такія адчувальныя формы, што, паціснуўшы тысячу рук і ледзь не страціўшы ўсіх сваіх дзесяці пальцаў, Ардан палічыў за лепшае схавацца ў сваю каюту. Барбікен пайшоў за ім, не гаворачы ні слова.

— Вы Барбікен? — запытаўся ў яго Ардан, калі яны засталіся адны, такім тонам, нібы яны ўжо дваццаць гадоў былі добрымі прыяцелямі.

— Так, — суха адказаў старшыня Пушачнага клуба.

— Ну, дык добры дзень, Барбікен! Як справы? Добрыя? Ну, тым лепш, тым лепш!

— Дык, — запытаўся Барбікен без усякага ўступу, — вы рашылі ляцець?

— Безумоўна!

— І нішто вас не спыніць?

— Нішто. А вы рашылі змяніць форму вашага снарада так, як я прасіў у тэлеграме?

— Я чакаў вашага прыезду. Але, — казаў далей Барбікен, — вы сапраўды ўсё абдумалі?..

— Ці абдумаў я? Ды хіба ў мяне ёсць час усё абдумваць? Я знайшоў вападак пабываць па Луне і рашыў яго скарыстаць — вось і ўсё! Здаецца тут няма чаго задумвацца.