Старонка:З пушкі на Луну.pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

яго гарачай галавы. Зусім некарыслівы, ён гатовы быў аддаць кожнаму свае апошнія грошы, і, калі трэба было-б, ён-бы прадаўся ў рабства, каб выкупіць раба. Незвычайна смелы, ён быў у такой-жа ступені і вялікадушны: не ведаў пачуцця помсты і дараваў-бы самаму лютаму ворагу, калі-б адмова ад даравання была роўнай смяротнаму прыгавору над гэтым ворагам.

У Францыі і ў Еўропе вельмі многія ведалі гэтага выдатнага і неспакойнага чалавека, ці, прынамсі, пра яго многія чулі. Ён мімаволі прымушаў газеты заўсёды пісаць аб ім. Ні ад каго нічога ён не ўтойваў, усе ведалі найменшыя падрабязнасці яго жыцця, нібы сцены яго кватэры былі з празрыстага шкла.

У Мішэля Ардана было, вядома, шмат прыяцеляў, але ён мог-бы пахваліцца і багатай калекцыяй ворагаў з тых людзей, якіх ён крыўдзіў, закранаў, збіваў з ног у сваіх імкненнях ісці напралом для дасягнення мэты ці да ажыццяўлення праўдзівай справы.

Усё-ж увогуле гэта быў улюбёнец грамадства, і з ім абыходзіліся, як з дзіцем-пестуном. Мірыліся з яго дзівацтвам; бралі яго, які ён ёсць; усе цікавіліся яго смелымі справамі і са спачуваннем, з трывогай сачылі за яго лёсам. Калі іншы прыяцель стараўся ўгаварыць яго, стрымліваючы ад небяспечнага кроку, прадракаючы блізкую пагібель, Мішэль Ардан з усмешкай адказваў, што «лес гарыць толькі ад уласных яго дрэў», — г. н. адной з найбольш прыгожых арабскіх прыказак, паходжання якой ён, між іншым, не ведаў.

Такі быў гэты пасажыр «Атланты», рухавы, як ртуць, вечна палаючы ўнутраным агнём, вечна ўсхваляваны.