Старонка:З пушкі на Луну.pdf/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Барбікен паядаў вачыма гэтага чалавека, які мог гаварыць аб сваёй пабыўцы на Луне з такой лёгкасцю і бесклапотнасцю, але разам з тым з такой вольнасцю ад турбот і страху.

— У вас ёсць, прынамсі, які-небудзь план? — сказаў, нарэшце, Барбікен. — Вы ўсё-ж прыдумалі якія-небудзь сродкі?

— Прыдумаў, дарагі Барбікен, і нават выдатныя рэчы прыдумаў! — перабіў яго Мішэль Ардан. — Але ведаеце што? Я лічу за лепшае выказацца публічна — цалкам і поўнасцю: няхай усе даведаюцца, што я думаю, і каб пасля аб гэтым больш не гаварылі. Гэта пазбавіць мяне ад паўтарэнняў. Таму, калі вы толькі не параіце мне чаго-небудзь лепшага, склікайце вашых сяброў, вашых сачленаў Пушачнага клуба, увесь горад, усю Фларыду, усю Амерыку, калі хочаце, — заўтра-ж я раскажу аб сваім плане і адкажу на ўсе супярэчанні, якія мне будуць паданы. Не хвалюйцеся, я не баюся супярэчанняў! Я ўсе іх прадбачу і здолею сябе адстаяць. Згода?

— Згода! — адказаў Барбікен.

Пасля гэтых слоў старшыня Пушачнага клуба вышаў з каюты і голасна перадаў прапанову Мішэля Ардана натоўпу, які сабраўся на палубе. Словы яго сустрэлі радаснымі воклічамі, цэлаю бураю ўхвал. Прапанова Ардана рассейвала ўсякую таямнічасць: заўтра кожны будзе мець магчымасць удостач наглядзецца на еўрапейскага героя і асабіста пачуць ад яго ўсе падрабязнасці яго дзіўнага плана… Задаволены натоўп пачаў весела разыходзіцца.

Знайшліся, аднак, падазроныя і ўпартыя гледачы, якія не захацелі спусціць з вачэй Мішэля Ардана нават на некалькі гадзін. Яны заявілі аб сваім