Старонка:З пушкі на Луну.pdf/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Грамадская думка ўсхвалявалася яшчэ мацней; многім гэтая невядомасць стала няўсцерп. Спачатку пачалі сходзіцца асобныя янкі, жадаючыя ва што-б там ні стала высветліць непакоіўшыя іх пытанні; затым утварыліся вялікія групы з той-жа мэтаю; урэшце, групы прыцягнуліся, так сказаць, адна да адной; сілаю прыцяжэння была ў даным выпадку агульная цікаўнасць, якая дзейнічала, як малекулярнае прыцяжэнне на раз’яднаныя часцінкі. Нарэшце сабраўся вялікі натоўп, які накіраваўся да жылля старшыні Пушачнага клуба.

Сам Барбікен да гэтага часу не выказваў сваіх адносін да тэлеграмы Мішэля Ардана; да думкі Мастона ён, як відаць, аднёсся зусім абыякава: Барбікен не пахваліў яго, ні зганіў. Відавочна, Барбікен сам не ведаў, як аднасіцца да Мішэля Ардана, і рашыў чакаць далейшых падзей. Але ён забыў, што грамадская думка не здольна быць такой-жа цярплівай, і натоўп, падышоўшы да яго акон, застаў яго знянацку. Ён агледзеў яго нездаволена і рашыў не выходзіць да яго. Але неўзабаве пачуўся такі шум, такія крыкі, што Барбікен павінен быў адчыніць акно. Барбікен быў у Фларыдзе славутасцю і не мог адмовіцца ад абавязкаў — часам нудных і непрыемных — славутага чалавека.

Калі ён вышаў, натоўп змоўк. Выступіў наперад адзін грамадзянін і прама паставіў Барбікену наступнае пытанне:

— Ці едзе асоба, названая ў тэлеграме імем Мішэля Ардана, у Амерыку? Так ці не?

— Я ведаю аб гэтым не больш за вас, — адказаў Барбікен.

— Але гэта неабходна ведаць! — усклікнулі многія з натоўпу.

— Час нам пакажа, — холадна адказаў Барбікен.