Старонка:З пушкі на Луну.pdf/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

заўсёды знаходзілі абаронцаў, паслядоўнікаў і выканаўцаў.

Аднак, прапанова Мішэля Ардана, як і ўсякая новая ідэя, узбудзіла многія розумы. Хаця яна вельмі разыходзілася са звычайнымі думкамі і са звычайнымі інтарэсамі, але многія не маглі не сказаць: «А сапраўды, аб гэтым яшчэ ніхто не падумаў!»

Хутка новая думка так моцна ўрэзалася ў грамадскую свядомасць, — іменна з прычыны сваёй дзіўнасці, — што для многіх набыла сілу неадчэпнай ідэі: аб ёй думалі нават тады, калі не хацелася аб ёй думаць. Мімаволі прышло на памяць, што ў гісторыі чалавека было мноства ідэй і прапаноў, з якіх спачатку смяяліся ўсе, а потым бліскуча здзяйсняліся… Нашто-ж адразу сцвярджаць, што гэта падарожжа немагчыма, што яно ніколі і нікому не ўдасца? З другога боку, здавалася пэўным, што чалавек, які цяпер хоча такім чынам рызыкнуць жыццём, знаходзіцца не пры сваім розуме. Нельга, значыцца, сур’ёзна аднесціся да яго прапановы, і зрабіў-бы куды лепш, калі-б маўчаў і не ўсхваляваў цэлую краіну такім недарэчным глупствам.

Але, перш за ўсё, ці сапраўды існуе гэты чалавек? Гэта было яшчэ вялікае пытанне.

Праўда, імя Мішэля Ардана было вядома і ў Амерыцы. Гэта імя належала аднаму еўрапейцу, пра адважныя справы якога не раз пісалася ў газетах. Затым гэта тэлеграма, пасланая цераз увесь Атлантычны акіян, назва парахода, на якім выехаў француз, вызначэнне дакладнага тэрміну яго прыбыцця — усе гэтыя акалічнасці надавалі некаторую праўдападобнасць рэальнасці гэтага чалавека.