Перайсці да зместу

Старонка:З гераічнага мінулага беларускага народа (Гарбуноў).pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ства і заходняе яго адгаліненне трапіла ў новыя соцыяльна-эканамічныя ўмовы.

«... Вялікае Княжства Літоўскае, - піша Энгельс, -было населена вялікай колькасцю розных рас. Паўночныя правінцыі Прыбалтыкі былі ва ўладанні саміх літоўцаў, народа, які гаварыў на мове, якая рознілася ад моваў яго славянскіх суседзяў... Далей, на поўдні і на ўсходзе цяперашняга польскага каралеўства, знаходзіліся беларусы, якія гаварылі на мове, сярэдняй паміж польскай і рускай, але больш блізкай да апошняй...» (К. Маркс і Ф. Энгельс, збор тв., т. ХІІІ, ч. 1-я, стар. 158).

Такім чынам Энгельс прызнаў існаванне беларускай мовы з канца XIV стагоддзя.

Адарваўшыся ад агульнай Русі, плямёны заходняга края у новых соцыяльна-эканамічных умовах пачалі самастойнае развіццё, хаця на працягу ўсёй сваёй гісторыі імкнуліся да агульнай Русі. Асновай беларускай народнасці былі тыя старыя плямёны, якія жылі на паўночным захадзе ў старажытнай Русі-крывічы, дрыгвічы, радзімічы. Застаючыся на месцы ў новых умовах, яны захавалі і развілі свае першапачатковыя мясцовыя асаблівасці, якія адрозніваліся ад Паўночна-Усходняй і Паўднёвай Русі.

Беларуская мова таксама, як і ўкраінская, паходзіць з аднаго кораня - ад старажытнарускага. Канчатковыя нацыянальныя асаблівасці беларускай мовы аформіліся к пачатку ХІV стагоддзя. З гэтага часу складаецца пачатак беларускай народнасці. Беларуская мова да гэтага часу поўнасцю склалася.

Працэс утварэння беларускай народнасці і беларускай мовы вельмі складаны і працяглы. Палітычнае панаванне Літвы над Беларуссю выклікала ў беларусаў таксама, як і ў украінцаў, тэндэнцыю да аб'еднання з кроўнай ім рускай народнасцю і згуртавання ў адно дзяржаўнае цэлае, каб такім чынам супроцьстаяць іншаземнаму панаванню. Палітычнае панаванне Літвы над Беларуссю абумоўлівала раз'еднанне беларускай мовы і культуры з кроўнай рускай мовай і культурай для самастойнага яе развіцця і ўзмацнення асаблівасцей беларускай мовы, якая ўзнікла з плямённых і бытавых умоў.

Такі літаратурны помнік, як «Слова аб палку Ігаравым», сцвярджае, што ў ХІ і ў пачатку ХІІ стагоддзях яшчэ не было ні вялікарускай, ні беларускай, ні ўкраінскай мовы, а была адна старажытна-руская мова, адна культура. ХІ-ХІІІ стагоддзі былі стагоддзямі агульна-рускай літаратуры, стагоддзямі адной старажытна-рускай мовы. Асаблівасці, якія адрознівалі мову рускую, украінскую і беларускую, развіваліся ў ХІV стагоддзі.

З таго часу, як на ўсходзе вакол Масквы пачала складацца руская дзяржава, на Беларусі, таксама, як і на Украіне, яшчэ больш узмацнілася цяга народа да злучэння ўсіх старажытна-рускіх зямель у адзіную дзяржаву. Але ворагі ўсяляк перашкаджалі гэтаму аб'еднанню, баючыся ўзмацнення Русі.

Беларускі народ, знаходзячыся ў Літве, называў сябе «руськім». Назва «Белая Русь» у афіцыйных дакументах з'яўляецца з ХѴ стагоддзя.

У грамадскіх, эканамічных і культурных адносінах язычаская Літва ў ХІІІ-ХІV стагоддзях стаяла значна ніжэй Русі, а таму падвяргалася моцнаму уплыву рускай культуры. У Літоўскім княжстве афіцыйнай дзяржаўнай і літаратурнай мовай была руская (агульная для Украіны і Беларусі). У аснову яе быў пакладзены адзін з дыялектаў беларускай мовы. Дзяржаўныя дакументы пісаліся на рускай мове. Агульная небяспека з боку нямецкіх захопнікаў з аднаго боку і татарскіх ордаў, з другога, згуртоўвалі Літву і Белую Русь у адну дзяржаву, сталіцай якой быў горад Вільня.

Становішча беларускага народа ў Вялікім Княжстве Літоўскім пагоршылася пасля злучэння Літвы з Польшчай. У 1386 годзе ў Крэве быў заключаны дагавор аб уніі Літвы і Польшчы. Літоўскі князь Ягайла, ажаніўшыся са спадчынніцай польскага прастола Ядвігай, стаў адначасова і польскім каралём. У Беларусі была ўведзена сістэма валок (падворных, а потым сямейных участкаў зямлі), якая разарыла беларускую абшчыну. Крэўская унія адкрыла панам шлях да авалодання беларускімі землямі.

Польскія паны, заўладаўшы беларускімі землямі, імкнуліся дэнацыяналізаваць беларускі народ. Гвалтоўным шляхам беларускаму народу навязвалася чужая мова, звычаі і каталіцкая вера. У каталіцкай царкве польскія паны бачылі найбольш моцныя сродкі ідэалагічнага ўздзейнічання на заняволены імі народ. Польскія паны імкнуліся знішчыць у беларускім народзе нацыянальную самасвядомасць, знішчыць родныя пачуцці і цягаценне да рускага народа, імкнуліся выкараніць праваслаўе, насадзіць каталіцызм. Пасля Люблінскай уніі, акрамя цяжкага феадальна-прыгоннага прыгнёту, на беларускі народ лёг жорсткі нацыянальны і рэлігійны прыгнёт. Для барацьбы з праваслаўем польскія паны прызвалі ў Беларусь езуітаў. Першы атрад езуітаў паявіўся ў Беларусі ў 1569 годзе... «У ХVІ стагоддзі, - указвае Энгельс, - калі ў Польшчы панавалі іезуіты, праваслаўных рускіх падданых у Польшчы прымушалі пераходзіць у рымскую царкву». (К. Маркс і Ф. Энгельс. Збор. тв., том ХѴІ, ч. 2, стар. 11).