Старонка:Зямля (1928).pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Павал пачуў:

— Што, я ў яго буду прасіць прабачэньня? Не даждаў ён, каб я ў яго прабачэньня прасіў. Рызыкант. Ён думае, калі дачку аддаў за армейскага камандзіра, дык ужо вельмі вялікі асэсар? Многа я іх бачыў. Я яшчэ з яго спаганю тыя два рублі, якія ён з мяне зьдзёр.

— Брыдка, Паўла. Ты-ж сам ведаеш, што твае каровы нарабілі ў мяне ў агародзе шкоды не на два, а на дзесяць рублёў. Пабойся бога, трэба-ж мець сумленьне. Што ты, ня маеш бога ў сэрцы?

Паўла сілком пасадзілі на лаву. У агульным тлуме, поп вылез з-за стала, зьбіраючыся ісьці. Некалькі мужчын і баб упрошвалі яго:

— Бацюшка, плюньце вы.

— Ліха яго бяры, от ён ужо зусім зваліўся. П'яны-ж ён.

— Пабудзьце хоць трохі.

Раптам дзяк зноў пачаў гаворку пра кабылу.

— Не, не, я табе дам на рукі факт, — блытаў словы Павал, стараючыся пачухаць пераносьсе.

Поп сеў на сваё месца.

— Ты для мяне ноль! — раптам схіліўся да яго Мацьвей — чуеш? Ты для мяне ноль. От што!

— А ты яшчэ чаго?

— За дзяцей сваіх, от што! Ты нашто майго хлопца за вушы круціў?

— А ты не прывучай свайго хлопца да зладзейства.

— Што ён у цябе ўкраў?

— Мала ён у мяне яблык папакраў?

— Ён у цябе яблык калі і ўкраў, дык на капейку.

— Я яго і за вушы накруціў ня больш, як на капейку.