Старонка:Зямля (1928).pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ня можа быць, каб у пісаньні так было сказана. Пакажы мне зараз-жа. Усенародна пакажы, дзе гэта сказана, ткні пальцам, і больш нічога.

— Ты мяне папракаць яшчэ ўздумаў? А сам колькі год у споведзі ня быў?

— Не тваё дзела.

— А чыё-ж дзела?

— Не тваё. Канаць буду, а да такога азіята, як ты, да споведзі не пайду. Я даўно чакаў прычыны выказацца пра цябе ўсенародна. Кат ты!

— Ты чаго хочаш? — страшна ўскіпеў поп, усхваціўшыся за сталом.

— Згубіцель ты! Ты ўсё мястэчка прыгубіў! На што ты лес спляжыў?..

— Бо лес тады быў мой. А пасьля рэволюцыі, калі ён стаў ваш, я ніводным дубцом з яго не пакарыстаўся.

— Ня твой, а царкоўны. А царкоўнага секчы ня меў права.

— Не царкоўны, а мой!

— Ня віляй... ты гавары — нашто лес спляжыў?

— На што? Пры мне быў яшчэ цэлы, а от як вам у рукі папаўся, дык цяпер нават дубца на венік не засталося.

— Пры табе быў цэлы лес? Каб твая галава была такой цэлай, як гэты лес быў пры табе цэлым.

— Галавы мае не чапай. За зьнявагу будзеш адказваць перад судом. А што я пажартаваў словам, успомніўшы сьвяшчэннае пісаньне, дык у царкве — я сьвяшчэннаслужыцель, а тут — я такі самы чалавек, як і ўсе.

— Бацюшка, сядзьце вы, — угаварвала Сабастыяніха,—вядома п'яны. Ён як працьвярэзіцца, дык прабачэньня папросіць.