Старонка:Зямля (1928).pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сінія Юзікавы вочы гарэлі глыбынёю думак. Юрка, прыпёршыся плячом да разгатае грушы, расказваў:

— ..Я адно як падрасту, дык усё будзе іначай... Калі-ж тата вельмі сярдзіты нейкі, што ты яму ня скажаш, дык ён калі закрычыць!

Юзік задуменна сказаў:

— Ну, бо ты яшчэ малы. Вельмі ён цябе будзе слухаць!

— Няхай сабе я малы, але-ж за што на мяне крычаць. Што я вінават.

— І на мяне тата крычыць. Пазаўчора мне вельмі захацелася было сала, дык я сам палез у суднік ды адрэзаў сабе кавалачак, дык тата калі ўбачыў, дагнаў мяне каля хлява, ды калі дасьць мне нечым па руках, дык я аж заплакаў. Яй-богу.

— А ў вас сала многа?

— Нашто ён мяне біў? Я-ж і сам бачу, што сала да каляд асталося толькі адзін кавалак, ну можа там на якіх дзесяць гаршкоў будзе на акрасу... Але-ж мне вельмі захацелася было сала. Аей як. Я вельмі даўно ня еў сала.

— А з чым вы варыце?

— На абед дык крупнік з малаком, або картопля з малаком. А раніцою-дык у нас расол ёсьць і гуркі.

Юрка памаўчаў і зноў пачаў гаварыць:

— Каб я адно скарэй вырас, дык от паглядзіш, што іначай я ўсё буду рабіць. А то — нашто гэты крык заўсёды ў хаце, часам аж страшна ў хату ісьці. Яй-богу. Ні то, што я бацькі баюся, але калі пачне сварыцца з мамаю ды як паднімецца на ўсю хату гвалт, дык, здаецца, на сьвеце ня жыў-бы. Яй-богу праўда. Дык я тады стараюся з хаты ўцякаць. Каб я так жыў.