Старонка:Зямля (1928).pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А я дык свайго таты баюся.

— Ну, бо твой тата б'ецца.

— Ён мала калі і б'ецца, але так я нейк...

— Мой тата дык думае, што ён вельмі разумны і спрытны, лепшы за ўсіх. А тут сам ня ведае, што як пачне ён гэты свой розум паказваць, дык аж сьмешна робіцца.

— Мой таксама вельмі мацак вялікі ў сваёй хаце, а калі прыдзецца дзе перад людзьмі абазвацца, дык увесь гэты яго мацунак прападае. А ў хаце сваёй, дык ён вельмі храбры, аж страх.

— Або мой тата, калі пачне праклінаць усіх! У нас гэта што грэчкі трохі згніло на полі пад дажджамі, дык ён нават мяне кляў, адно што ня біўся. Летась, я памятаю, ня ўсьпеў усяго гною павазіць увосень, дык мама нешта сказала, а ён калі дасьць маме па галаве. Дык я гавару — тата, ня беце мамы, — а ён на мяне калі крыкне; — маўчы, бо й табе дам! — Я свайго бацькі ня люблю. А калі ён захварэе, дык мне так шкода яго, што ня дай божа.

— Бо, вядома, бацька.

— Ну але.

Нейкі час яны маўчалі. Юрка разглядаў сінюю асеньнюю муху ў сябе на назе, Юзік стараўся зьбіць тонкім дубцом каліўё сухога зельля. Абодва слаўна адчувалі ласкавую цяплыню асеньняга сонца. Памаўчаўшы, Юзік сказаў:

— Юрка, каб гэта ўзяў ды ў комсамол запісаўся.

— Ну але, каб гэта ўзяў ды запісаўся.

— Давай запішамся.

— Нас ня прымуць, бо мы яшчэ малыя.

— А у піонэры?

— У піонеры — вялікія. Хіба як падрастом, дык тады ў комсамольцы пазапісваемся.