Старонка:Зямля (1928).pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

― Хто яе ведае, куды яна пашла... А каморнік на вуліцы сядзіць на лаўцы.

Яна цішком увайшла ў сенцы, сьпяшаючыся памыла ногі і абула чаравікі. Ускінула на плечы вялікую хустку і пашла агародамі, каб ніхто не заўважыў яе.

― Куды ты, Ганна?

Бацька замыкаў гумно і распускаў дзягцяны пах ботаў.

― Гуляць пайду з дзяўчатамі.

― То чаму ты вуліцаю ня ідзеш?

Яна нічога не адказала. Бацька паглядзеў на яе і сказаў сам сабе:

― Дурыць дзяўчына, сама ня ведае чаго хоча.

Ён доўга глядзеў ёй усьлед, аж пакуль ня зьнікла постаць яе ў змрочных агародах. Вышаў ён за гумно і бачыў, як меркне поле, чуў, як маўчыць балота; і ўсё глядзеў, як блёкнуць густыя колеры захаду. Пасьля, зьняўшы шапку і пагладзіўшы лысіну, пасьвістаў: ― фюй-фюй... ― і рушыў у двор і на вуліцу. Каморнік усё сядзеў на лаўцы.

― Вы пойдзеце куды ці будзеце дома?

Каморнік залажыў нагу на нагу і паглядзеў з маўклівым запытаньнем яму ў вочы.

― Я гэта таму гавару, што нікога дома няма, а я таксама падацца куды-небудзь думаю.

― І Ганны няма?

― Пашла.

Каморнік памаўчаў і пашоў вуліцаю.

― Добры хлопец, ― сказаў, гледзячы на яго, Юлік Барановіч.

Увайшоў у двор, замкнуў сенцы, падлажыў ключ пад ганак і павольна закрочыў змрочнаю вуліцаю. Неўзабаве павярнуў ён на рыначны пляц. Каля панурага будынку народнага дому быў крык