Старонка:Зямля (1928).pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

для паказу таго, што самае жахлівае ў юнацкім смутку, гэта дзяўчыніны вочы.

На скананьні дню, упраўляючыся тут, чула яна, што сумуюць па ёй двое. Алесь быў моцным і прывабным. Каханьне першых часоў прытупілася за год, але зьяўляцца пачало нешта падобнае на прывычку да яго. Аднак-жа вострыя хістаньні надыходзілі вельмі часта і раптам неспадзяваны кватарант, раней бачаны некалькі разоў у горадзе і ледзьве знаёмы, узьняў цэлую буру і парушыў усё. Вобраз з Алеся стаў блёклым і затуманеным, шэрым. Днём білася ўстрывожана сэрца, калі кватарант памагаў цадзіць малако; дужа-ж хвалявалася горасьцю утрапеньня пачуцьцяў, калі Алесь стаяў каля яе ў кухні. І цяпер цьвілі ў душы піжмы і палыны. Бездапаможнасьць і нават безнадзейнасьць панавалі над ёю.

Скрыпела вочапам студня і павольна званілі ў царкве; амаль сканаў дзень — тады яна ішла з прыгуменьня ў хату. Трывожна было і страшна ісьці туды: мусіць чакаў там, каханы нават цяпер ужо, кватарант — ісьці гуляць куды. І Алесь-жа чакаў недзе, ці меўся прыйсьці.

Шастала пад нагамі салома, пахлі — трава, вечар і восень. Калаціўся ў апошніх хвілінах сваіх дзень. У змроку навіслых гольлямі дрэў, плакала дзяўчына.

У царкве ўсё званілі. Бацькавы крокі чуваць сталі на дварэ. Дзяўчына зьняла з галавы хустку, выцерла твар і пашла насустрач.

Бацька быў у новых ботах і зусім ня кульгаў.

— Надвор'е пагодлівае стане, — сказаў ён, — нага ў мяне зусім здароваю чуецца.

— Хто ў хаце? — запытала дачка.

— Нікога.

— Дзе-ж мама?