Старонка:Зямля (1928).pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ня ведаю.

— Ня ведаеце, чаму ня ведаеце?

— Пад вечар будзем бачыць...

І яна пашла ў сенцы.

— На пагоду выбіваецца, — сказаў Юлік Барановіч, уваходзячы ў кухню.

X

Пад вечар выбілася з-за хмар сонца і зноў летнім тварам зарадавалася зямля. Была ў гэтай радасьці задумёнасьць жоўтых даляй апусьцелага поля і трывога шуму сініх кустоў. Але клалася цішыня вонкавай бязутрапёнасьці і радасьць зямлі была магутнаю і неабдымнаю. Чарнелі дарогі вільготнай глебай і асеньняй травою зеляніліся іх каляіны. Жоўты ліст прыпадаў да травы, чуючы пад ёю зямлю і разам з усім, што было навокал яго — шэрым і яскравым, нязграбным і прыгожым — маліўся вялікай радасьці.

Неба сінела. Сонца абнімала захад. Далі зямлі вабілі жыць.

Летняя шырыня! І восень, восень!

Пахла поле і паплавы. І аброслыя мохам платы, і кара абветраных дрэваў.

Дзяўчына хадзіла босая па траве. Лёгкі холад жоўтага лісьця пад нагамі быў прыемным. Слаўна цямнела рудая сукенка яе сярод тонкіх садовых дрэў і шэрых сьцен. Салома шумела пад рукамі ў дзяўчыны і, перамешаная з зяленівам сухое травы, весяліла дзяўчыніны вочы. І вочы гарэлі чорнай глыбінёю, і ўсё было ў іх: як-бы сьвет адлюстраваў у іх усе глыбіні хараства, радасьці і смутку