Старонка:Зямля (1928).pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вам цяпер далі скідку з падатку на канюшыну?!.

— Далі. Бо паразумнелі. Бачаць, нічога ня выходзіць, на галетніку далёка не заедзеш. Адразу і мяне серадняком зрабілі... Як гэта ўсё лоўка робіцца ў іх! А-яй, што за майстры!

Патроху Алесяў твар пачаў рабіцца нудным. Каморнік усё курыў каля вакна, зрэдку ўстаўляючы словы. Алесь азіраўся на кухонныя дзьверы, каля там мільгацела ў ваччу яго рудая сукенка Ганны.

Каморнік усьміхнуўся, азірнуўшыся на Алеся. Алесю вядома стала, што каморнік здагадваецца, што яму раптам захацелася, каб пашоў адсюль сам гаспадар Барановіч; і Алесь падышоў да вакна і стаў поплеч з каморнікам. Каморнік быў ростам роўны з Алесем, толькі шчуплейшы за яго. І маладзейшы. На малым пальцы ў яго быў адгадованы вялізны пазногаць, роўна падрэзаны і пад. скрэбены.

Яны абодва глядзелі ў вакно.

— Сёньня субота, — сказаў каморнік, — можа дзе гульнём вечарам.

— Можна будзе гульнуць, — адказаў Алесь. — Табе яшчэ надоўга водпуск?

— Мне яшчэ паўтара месяца.

Алесь глядзеў на жоўтую сьцяну новае хаты па той бок вуліцы. Яму яшчэ няёмка было называць яго "на ты". Першы раз гэта было — пазаўчора вечарам, калі пасьля кароткае нарады наконт дню, у які трэба было пачаць на полі працу, яны ўдвух пашлі да дзяўчат. Каля крайняе хаты ціхае вуліцы рагаталі хлопцы і дзяўчаты.

— А праз паўтара месяцы куды?