Старонка:Зямля (1928).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дыплёмную працу здаваць паеду і справаздачу аб практыцы.

— А гэтая наша работа будзе табе залічана ў практыку?

— Думаю, што будзе.

Юлік Барановіч пасядзеў трохі на лаве, пабарабаніў пальцамі па стале і пашоў недзе ў кухню, дзе ўсё яшчэ ўпраўлялася каля печы з мацераю Ганна. Алесь і каморнік, стоячы каля вакна, абодва туманна адчувалі яе блізкую прысутнасьць і як-бы, бачачы адзін аднаго навылёт, не глядзелі адзін на аднаго. На абтынкованай сьцяне праразьліва стукаў танны гадзіньнік. Ясьнеў дзень.

— Ты вучыўся дзе? — раптам запытаў каморнік.

— Вучыўся трохі.

— Дзе?

— Гарадзкое вучылішча скончыў... чатыры клясы.

— У які гэта час?

— У першыя гады рэволюцыі.

— А пасьля?

— А пасьля ваяваў з палякамі.

Цяпер яны абодва маўчалі.

Акно выходзіла на вуліцу, у цесны агародчык для кветак і расады, абгароджаны негаблёванымі вузкімі дошкамі. Пад самым вакном, у ім, зелянела і цьвіла сакаўная вяргіня, глушачы пад сабою ўсялякае дробнае зельле. У хаце каля вакна было прытульна, ціха і весела. Цішыня вуліцы звала ў поле, у прасторы іржышча, у бяскрайнюю волю чорнай ральлі і неба над ёю.

Алесь падумаў пра недасеяныя кавалкі жыта і пашоў у кухню прыкурыць. Запалкі дала яму Ганна, разагрэтая каля печы, з ружовым тварам.

— Гаспадыня з цябе, — пажартаваў Алесь.