Старонка:Зямля (1928).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А цяпер — кулак, серадняк... Чорт вашу матару бяры, як сабе хочаце, я ёсьць сам сабою! Нялішне да каго прыслухоўваюся. Калі тут, сказаць, няма каго лішне прыслухоўвацца—у іх што гадзіна, то навіна... Як патвойму, Алесь, я — кулак ці серадняк, Ты мне скажы!

— Памойму, серадняк.

— А зашто мяне ўсе гады лічылі кулаком?

— Хіба не падабаецца?

— Мне ўсё роўна. Няхай мяне хоць чортам лічаць, да мяне нічога ня прыстане. Я нікога не забіў і не аграбіў. Іншы ня мае — бо рабіць лянуецца. Абібока, або дурня ніколі кулаком не назавуць.

— Няўжо ўсе бедныя — абібокі, гультаі?

— Ні то што ўсе. Не, ня ўсе. Нашто казаць. Але ёсьць і такія, што на палатках ляжыць і сьніць, што яму гатовыя кавалкі зараз будуць у горла валіцца.

Каморнік глядзеў у вакно і курыў. Сіні дым папяросы густа цягнуўся на ўзроўні яго галавы ў адчыненую фортачку. На вуліцы было ціха і прыемна пахла ў хаце гэтым дымам.

— Я гляджу гаспадаркі, бо хачу жыць на сьвеце, а не прападаць. Унь я і дзяўчыну сыскаў з навукі дзеля гэтага. Мне і шкода яе было, от што, але я не глядзеў на гэта. У мяне сэрца таксама-ж не каменнае і мне таксама хацелася, каб мая дачка выўчылася і была паняю, але што-ж ты зробіш. Не даўчылася. А тут, калі што якое, дык адразу: кулак, кулак. Як-бы гэта ганьба, што чалавек мае. Няўжо-ж, каб усе нічога ня мелі. А калі і кулак, ну то што!.. трасца матары іх!.. Які я кулак!.. Я — трудзяшчы пралентарыят. І больш нічога, калі яны хочуць ведаць!