Старонка:Зямля (1928).pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
ІX

На стале ляжалі пляны і каморнікавы рысункі; у хаце было накурана; каля стала стаялі заслоны і некалькі старых, выпадкова падабраных, крэслаў. Мужчыны разышліся ўсе разам; сядзелі-ж яны тут доўга. Кожны заходзіў "на пяць хвілін", а сядзеў больш гадзіны.

Тамаш, даводзячы, што мераць трэба пачаць чым раней, расказаў шмат здарэньняў з свае моцнае жыцьцёвае практыкі,—з кім ён калі, дзе і куды езьдзіў у фурманкі, калі былі халодныя зімы і неўрадлівыя гады, хто з кім, калі і за што судзіўся... Мацьвей слухаў і быў згодзен з усімі, Юлік Барановіч — гаспадар хаты — хітравата глядзеў на ўсіх.

Алесь застаўся адзін, вясёлы і жартаўлівы. Пальцы яго рук назаўсёды зачарнёных работай перабіралі алоўкі, цыркулі і ўсякія іншыя дробныя каморніцкія прылады на стале. Каморнік здаваўся яму вясёлым хлопцам-дружакаю, з якім можна і пажартаваць і пагуляць.

Юлік Барановіч цяпер некалькі разоў выходзіў у кухню і зноў уваходзіў у хату, хвалячы надворе, хвалячы чырвоную кабылу, ганячы Мікалая, хвалячы мурожнае сена для коняй...

— Я маю двое коняй, — сказаў Юлік Барановіч, — а жарабіцу трэцюю. Мяне раней усе лічылі кулаком, цяпер лічаць серадняком. А гэта што значыць? Гэта значыць, што я чалавек. Я сабе маю гаспадарку, гляджу яе, маю што мне трэба і нічые ласкі не прашу, калі ўсе такія разумныя пашлі. Ня дай бог як ззамаладу я мучыўся.

— Як-жа вы мучыліся?

— Хлеба кавалка ня было... А цяпер трое коняй маю. І ніхто мне не памог на макава зерня...