Старонка:Зямля (1928).pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Даўно... Некаторага году з татам прадналог завозіла.

Цяпер пачалася маўчанка. Яна была прыкраю. Жадаючы зноў узьбіцца на той ранейшы жартаўлівы тон, яна сказала:

— Ня ўмееце вы збанка трымаць.

— Пакажэце як.

— Дзяржэце вышэй.

Яго рука паднялася вышэй. Яна ўжо вылівала апошняе малако на цадзілку. Пальцы яго рукі ляглі на яе руку. Яна паставіла дайніцу і пачырванела. Тады ён прытуліўся тварам да яе валасоў. Яна маўчала, і толькі чуваць стала яму, як ў яе стукала сэрца.

Яна глядзела недзе сабе пад ногі. Ён прыпаў губамі да яе валасоў.

— Пусьцеце, — сказала яна, — зараз прыдуць.

— Ня прыдуць.

Зноў памаўчалі.

— Ідзеце, будзеце сьнедаць.

— Я пасьля буду сьнедаць.

— Не, вы цяпер ідзеце.

— Чаго вы мяне гоніце?

— Я вас не ганю.

Чырвань залівала яе твар. Чорны каўнерык яе рудое сукенкі варушыўся ніжэй шыі, так яна моцна дыхала. Ён стараўся глянуць ёй у вочы, а упарта глязела ўніз.

Ідуць, пусьцеце, ідзеце, — сказала яна.

Голас яе быў няроўны, у гэтую хвіліну хрыплаваты. Апошняе слова яна сказала моцным шэптам.

На ганку нехта стукаў ботамі.

У маўчаньні яны моцна прыціснуліся адно да аднаго і разышліся, нясучы ў сябе вялікую буру радаснай трывогі.