Старонка:Зямля (1928).pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

істужкаю праз адчыненыя дзьверы. Убачыўшы гаспадара хаты, ён перавярнуўся на другі бок, тварам да сьцяны, моцна кашлянуўшы. Юлік Барановіч хацеў нешта сказаць яму і не сказаў — з сярэдзіны хаты вярнуўся назад у кухню. Падышоў да жонкі і зашаптаў над яе галавою:

— Ты наглядай за імі.

— За кім за імі?

— Ну за Ганнаю, і за ім.

— А што, я сама ня ведаю ці што.

— Ну, дык я-ж і кажу. Наглядай, каб, барані божа, чаго ня вышла. А так, дык няхай сабе гуляюць. Можа ім і суджана.

Жонка, моцна ўздыхнуўшы ад свае жаночае прывычкі, сказала:

— А бог іх ведае... Што каму суджана, што ня суджана. Хто яго ведае, што ён за чалавек. Мы-ж усяго першы тыдзень яго бачым.

— От нічога. Відаць — ён хлопец разумны і сталы. Гэта чалавек.

Ён павысіў голас. Яна спыніла яго:

— Цішэй ты. А то пачуе яшчэ. Дай яму заснуць. Ідзі будзі Ганну.

— А Ганна таксама — дзяўчына ня дрэнная. Няхай папрабуе знойдзе дзе лепшую. Яна і да работы, і вучаная. Няхай, я-ж кажу, пашукае лепшае.

— Чаго ты раней пары клапоцішся.

— Клапаціцца трэба заўсёды раней пары. Бо, як пара пройдзе, тады ніякі клопат не паможа.

— Яна-ж з Алесем усё валаводзіцца.

— Мала што. Алесь таксама хлопец ня кепскі. Хто на яго што скажа. Але, што-ж ён — просты гаспадар, ды яшчэ і бедны. Будзе за ім увесь век у гнаі корпацца і больш нічога.