Старонка:Зямля (1928).pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Цішэй ты, паабуджваеш усіх. Чаго ты балбочаш, як цецярук!

У падпечку засьпяваў певень. Недзе за сьцяною на дварэ, у хлеве мусіць, сьледам за ім абазваўся другі.

Жонка сказала:

— Яшчэ гэты гарлач, каб ён здох, зараз усіх на ногі ўзьніме сярод ночы. Горла! Выпусьці яго вон.

— Цёмна яшчэ... Пачакай, няхай разьвіднее трохі.

Ён пераставіў лямпу на лаву і выпусьціў з падпечку куры. Пасьля сыпануў ім з збанка ячменю. Паглядзеўшы, як ядуць куры, дрэнна бачачы пры лямпавым сьвятле і палохаючыся ценяў, ён пашоў на двор.

Было цёпла і вільготна. Яму даў у нос густы пах прэлае восені: пад нагамі ў дварэ макрэла жоўтае лісьцё з яблыні, пад платамі нудзела зельле. Стог саломы бялеў у глыбіні двара за нізенькім платцом. Пачынала разьвідняцца. За гумнамі бялела цёплае неба; цяжкія дзяругі хмар раставалі і гінулі. І цераз агароды з поля вела радасьцю прасторнае цішыні.

Ён падышоў пад гумно, нагроб з стогу пярэбірак аўсянай саломы, ператрос на таку з сенам і занёс каровам. За дашчанаю перагародкаю ў хляве абзываліся гусі, пад нагамі заміналі авечкі.

Ён павольна ўпраўляўся, паціху гаворачы сам з сабою і з жывёлаю. Закідаючы каровам трасянкі, ён сказаў:

— Ежце, падлы. Няма чаго лішне перабіраць. Стаўшы вас карміць адным сенам, дык да каляд можна ўсё скарміць. Унь людзкія каровы ядуць чыстую аўсяную салому. І малака даюць.