Старонка:Зямля (1928).pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

так бяз жонкі... От яшчэ год, яшчэ два, дык-жа ты тады да марцовых кавалераў дарасьцеш... Колькі табе год?

— Дваццаць сем.

— Ну от бачыш... Цяпер-жа табе заводзіць гаспадарку і жыць за пане мой. А што ты бяз бабы. Ты бяз бабы і ў хаце ні госьць, ні гаспадар. Праўда ці не?

— Я гэта і сам ведаю.

— Мала ведаць, трэба дамагацца, раз ты чаго хочаш. На гэтым сьвет стаіць і стаяць заўсёды будзе.

— Дык тут-жа гэтакае дамаганьне — узяў ажаніўся і скончана дзела.

— Жаніся, а то гады праходзяць. Маладыя гады пройдуць, тады ня вернеш. І час такі, пакуль што спакойны... Я от думаю — каб быў я малодшым, дык я тут-бы цяперашнім сьветам чорт ведае чаго нарабіў бы. Я от і цяпер думаю — трэба будзе зімою зрабіць алейню. Калі ўжо, як той казаў, нісконт рады ня будзе, дык падгаварыць мужчын ды скласьціся. Я пра гэта ўжо думаў... А ты, браце, жаніся. Ты можа пакрыўдзішся, што я ў твае справы ўмешваюся, але я скажу. Я чалавек стары і маю практыку, дык яно можа і можна мне гаварыць табе. Ты ўжо от другі год валаводзішся З Барановічаваю гэтаю дзяўчынаю, дык я табе скажу, што даволі табе з ёю ўжо важдацца, бяры ты яе замуж. А то — яна дзяўчына зграбная, трохі вучаная, дык глядзі, каб ты яе з рук ня выпусьціў.

— А я табе, дзядзька, калі ўжо на тое пашло, таксама шчыра скажу, як старому чалавеку. Што я вясною ўжо быў намерыўся браць яе, але яна сама ўсё адцягае.

— А што, не казаў я?