Старонка:Зямля (1928).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што?

— Што ты яе гатоў з рук выпусьціць. Яна сама сабе верыць і ня верыць. Што-ж, яна трохі наўчылася ў горадзе, дык ёй цяпер здаецца што сьвет — гэта ня сьвет, а яна — гэта не яна. Яна і за цябе згодна пайсьці, і, разам з тым, некага іншага чакае. От як. А цяпер каморнік гэты ў іх закватараваў — мераць пачне праз тыдзень, а зьявіўся ўжо ўчора. За месяц ён работу скончыць, тады паедзе, але ты глядзі, каб ён і за месяц гэтую дзяўчыну з розуму ня зьвёў. Возьме ён яе ці ня возьме, а з толку зьбіць можа. Сёньня днём стаялі яны пасярод двара і сьмяяліся, гледзячы адно на аднаго. Як ішоў я вуліцаю да цябе, дык бачыў.

Устрывожаным голасам Алесь запытаў:

— Ён у Барановіча закватараваў?

— У Барановіча... Я табе раджу як добра, калі ня хочаш страціць дзяўчыну, дык адразу-ж скажы ёй: альбо — альбо. Альбо так, альбо сяк. Бяры яе да сябе зараз-жа. А яна сказаць, дзяўчына добрая, няма што на яе казаць. Абжывецца, абсталее, дык і гаспадыня будзе добрая.

— Яна і цяпер сталая.

— Сталая, я не кажу... Дык от пра гэтую самую алейню. Што ты на гэта скажаш?

— Трэба падумаць.

— Тут лішне і думаць няма чаго. Толькі што грошай няма і нідзе ты іх, мусіць, ня выкалупіш. Чуў, які крык быў, калі давялося на каморніка зьбіраць, які гвалт?

— Я-ж кажу, што трэба падумаць.

— Цяпер то ты зусім з іншае прычыны думаць ня можаш.

— З якое-ж?