Старонка:Зямля (1928).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Далей у песьні нічога не гаворыцца... Ну дык от і сьпяваецца: "Ах, мой божа, сівы конь стаіць".

Тамаш выдзьмуў спрытна з папяросьніка недакурак. Клемусь зноў зацягнуў:


Над зялёнаю лукою
Ходзяць мухі талакою...

З радасным захапленьнем усе, хто быў тут, гукнулі:


Пад гарою й на гары
Таўкуць кашу камары.
Ай!
Ф'ю-ю-ю!..

Тамаш паварушыў плячыма, уткнуў галаву ў грудзі і пашоў раптам адсюль. Мінуўшы браму, засьпяваў ціха:


Той прымчаўся конь дадому.
Ах, мой божа.
Сівы конь стаіць!

І ішоў далей, аглядаючыся, каб ніхто ня ўбачыў і не пачуў.

Юрка адышоўся да брамы і, слухаючы, раптам прыпомніў і ўявіў: вока ў кульгавага каня глыбокае і ня міргае у ім затуманены смутак. Адышоўся яшчэ далей, палажыў бараду на сукаватую жэрдку нізкага плоту і запаліў у вачох агні ад страшнае навалы вострага смутку.

Алесь быў у вялізных ботах і палатняных портках, пафарбованых начорна. Тамаш — у сваёй рудой вопратцы на кажусе і босы; калошы кортавых портак былі падвязаны.