Старонка:Зямля (1928).pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А найчасьцей, дык усё крыўду сваю выказвае. А тут, як ты з ім цалавацца будзеш, калі на іншага і на цьвярозага гадка глянуць. Няхай ён прападзе, няхай ён.

Клемусь зноў пагойдаў каленьмі і сказаў:

— Ну, то як будзе? Будзем складацца ці не?

Раптам ён заўважыў: Юзік — малы і сьмешны тут, у Тамаша пад локцем, пробаваў зацягнуцца на поўныя грудзі махоркаю. Клемусь сказаў:

— А браткі, сам, як вош, а папяроса, як дручок на губе ляжыць.

І зацягнуў высокім голасам:


Над зялёнаю лукою
Ходзяць мухі талакою...

Тамаш падумаў і сказаў:

— От у мой час песьню сьпявалі.

— Якую?

— "Ах, мой божа, сівы конь стаіць!"

— А якая гэта песьня?

— А гэта значыць, паехаў хлопец ваяваць, а яго забілі. Дык конь адзін без яго і прыбег дадому. Больш тысячы вёрст бег, а дадому трапіў. Прыбягае ён дадому, бачыць — вароты зачынены, у двор ня ўвойдзе. Ён пацёрся мордаю ў вакно, а маладая жонка таго хлопца, з якою ён пажыў усяго адзін дзень, ня пускае таго каня ў двор. Кажа - калі ты хоць няжывога яго ня прынёс дадому, дык няма табе месца больш тут. А конь разумее ўсё, ды, вядома, расказаць нічога ня можа. Так стаіць і нудзіць. Хоча заплакаць, ды сьлязы ня можа выпусьціць. Так і стаяў увесь час каля зачыненых варот, пакуль тая маладая ламала рукі, на ганку стоячы.

— Ну, а далей што?