Старонка:Зямля (1928).pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, ня дасьць... А каб гэта нам самім. Мы-ж самі гаспадары. Каб гэта кожны з нас прадаў, можа хоць і цішком ад бацькі, па пудоў колькі жыта, ды самім справіць струмант, а пасьля ўсё вярнулася-б нам. Пачалі-б вясельлі граць. Зарабілі-б.

Тамаш і Алесь вышлі з бакавога пакойчыка сельсавету. Грукаючы ботамі па сашморганых дошках ганку, Тамаш пачуў канец гаворкі і сказаў:

— Дык-жа ты граць ня ўмееш, смаркач ты.

— Папрашу, дзядзька, цябе, каб ты наўчыў.

— Ты хочаш, каб я цябе граць вучыў? Чаму іншаму, дык я магу. А граць, дык няхай ужо цябе які іншы махальнік наўчыць.

І разам з Алесем убіўся ў кучу хлопцаў.

— А чаму-ж ты, дзядзька, мяне іншаму можаш наўчыць?

— Чаму іншаму? Хэ-хэ. Дзівак!

І густа адхаркваючыся, стаяў і курыў. Максімаў Петрык падышоў з боку вуліцы. Клемусь гаварыў.

— Дык давайце, хлопцы, складомся.

Тамаш сказаў:

— Складомся ды вып'ем.

Клемусь адказаў:

— Куды табе, дзядзька, піць з намі, з гэтакаю блазнотаю.

— А чаму не, уга!

І, памаўчаўшы, дадаў:

— Даўно я ня піў. Яй-богу. Ужо месяцаў са два будзе. Хочацца выпіць, яй-богу.

— Ну та чаму ты, дзядзька, ня вып'еш?

— Часу няма. Гэта такая справа, што калі выпіў, дык за работу пасьля ня возьмешся. Гэта хіба, каб калі сьвяты дзень падабраў. Ды сказаць і канпані няма. От што. Гэтыя-ж усе, абы выпе, дык адразу або пачне цалавацца лезьці, або біцца.