Старонка:Зямля (1928).pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

няма, такога, які патрэбен. От як. Гэта я каму хочаш скажу. Што-ж ён, з малых дзён ніколі ня зьеў пачалавечы, ні то што іншае. А цяпер, дык ён прывык і яму самому здаецца, што іначай і нельга. Ні то што ён дажывае веку, а так жыве. Можа часам ён што і зрабіў-бы, як мае быць, дык-жа ня прывык ён. Тут трэба, каб штурхануць яго, як мае быць, каб у яго аж душа затраслася. Тады ён табе інакшым зробіцца. На новы капыл яго нацягнуць трэба. Бо з-замаладу, што-б ён не пачынаў рабіць, дык усё яму рукі абцінала. Урэшце ў яго і выходзіць, што дзень пражыў, то і дзякуй богу... На, куры, Алесь.

— Пра капыл, дык гэта праўда, што на новы капыл трэба яго нацягнуць. Але разам з ім і цябе. Каб і цябе штурхануў добра, дык і ты страціў-бы гэтыя свае мудрагельствы.

Мікалаевы вочы бліснулі ўсьмешкай.

— Чалавек-жа без мудрагельства нічога ня варт... Ні то што ня варт ён, але няцікавы ён.

— А якое табе цікавасьці трэба?

— Як якое?! Чалавек трэба, каб быў цікавым, каб ён быў сам сабою!

— А што з яго за карысьць, калі ён толькі і займаецца тым, што мудрагеліць.

— О гэтак, як я, — хочаш сказаць ты.

— А можа нават гэтак, як і ты. От узяў-бы ты кавалак зямлі, ды жонку — бабу здаровую. Што, ты-б з ёю ня справіўся? Дарма што ты вока прыжмурваеш, а ты яшчэ здаровы, цягавіты...

— Ну то што тады было-б?

— Тады ты якраз на той новы капыл нацягнуўся-б, пра які ты кагадзе гаварыў. Жыў-бы тады як мае быць і забыўся-б адразу на ўсе свае мудраваньні.