Старонка:Зямля (1928).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Як каму іншаму, от як табе, дык чаму не. А гэта, дзе я гэтую жонку дзену... Жаніся, кажа, каб дурні не зьвяліся... Пражыву і так. Лепш, хоць вольны чалавек. Куды ня глянеш, усюды можаш пайсьці. Можа ты нікуды ніколі і ня пойдзеш, але табе так здаецца. Душа ў цябе вольная. Прасторная.

— Куды ты пойдзеш? Ты на гэтай прызьбе век праседзіш.

— Мала што праседжу. Але мне жонка ня выйдзе і ня скажа — даволі табе сядзець. Ідзі рабі што, або спаць кладзіся. Зноў-жа яно ня страшна, што жонка скажа. Я магу бяз нічые гэтае казкі ўзяць ды пайсьці. Але тут уся музыка ў тым, што от-жа ніхто мне ня скажа.

— Ну, а як пастарэеш, хто цябе тады дагледзіць?

— Тады тое і будзе. Навошта ламаць галаву пра тое, што некалі будзе. Навошта псаваць сабе сэрца... Што чалавеку трэба? Чалавеку трэба, каб душа была на месцы, от што яму трэба. Калі ў чалавека душа на месцы, тады яму і сьвет міл. Я лепш пасяджу галодны дзень, але каб я спакоен быў і каб ніхто мне ня мог слова сказаць прыкрага.

— Ну, добра, а калі ты, скажам, цяпер па чужых хатах прытульваешся, дык, гэта значыць, ты маеш спакой і волю?

— А што. Калі мне гаспадар што буркане калі, дык чорт тваю матару бяры, я табе не прысягаў канешне жыць у цябе. Згары ты няхай, плюну, ды пайду. Адна галава не бядна. От як... Можа мне калі захочацца пабрадзяжыць, ну то я ўстаў, адзеў шапку і марш, і ніхто мне слова ня скажа.