Старонка:Зямля (1928).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Па самым задзе гойдаўся Тамаш, зьехаўшы па вострай сьпіне свайго каня на бок, каб не замуляцца. Шчуплы Юрка ліпеў на худым кані сваім, падкурчыўшы ногі. Хлопцы густою сьцяною ехалі на конях. Голас аднаго з хлопцаў быў вясёлы і жартаўлівы:

— Чаму ты, Мікалай, так вока прыжмурваеш?

Алесь весела растлумачыў:

— Ён думае — на гэты брыдкі сьвет даволі глядзець і адным вокам, на большае ён не заслугоўвае.

Праехалі далей. Юрка непадалёку завярнуў налева ў свой двор.

Алесь збавіў жартаўлівы тон:

— Праўда, чаму ты, Мікалай, вока прыжмурваеш?

— Кантужаны быў на вайне.

— Але-ж ты на яго бачыш?

— Бачу.

— І здорава цябе кантузіла?

— Не. У левую палавіну твару зямлёю дало.

Яны памаўчалі. Мікалай зноў зацягнуў сваю вечную аднатонную мэлёдыю. Пасьля сказаў:

— Чорт яго ведае... От так жывеш чалавек. Прывыкаеш.

— Да чаго?

— Да ўсяго. Быў там на Горадзеншчыне... а гэта тут.

— Ну і што?

— Нічога. Здаецца тут і радзіўся.

— Ты жаніцца ня думаеш?

— Ліха яго... зьвязацца. Зьвяжыся, а пасьля не разьвяжашся.

— Ну пэўна, калі зьвязвацца для таго, каб разьвязацца, то лепш зусім не.