Старонка:Зямля (1928).pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я ня ведаю.

— Дык гэта ад хваробы табе вады хочацца?

— Я два гуркі з сольлю зьеў.

— То калі ты хворы, дык скажы жонцы, каб табе курыцу зарэзала.

— Я курыцы не жадзён. Ты думаеш я жадзён курыцы? Я цяпер, дзякуй богу, зарабляю. Добра, што конь пакінуў кульгаць.

— Зараз зноў пачне, калі будзеш такія вялізарныя класьці.

— Ат, не пачне... Чорт яго ня возьме.

Хоня пашоў далей, Мікалай, моцна плюнуўшы пад ногі сабе, падаў голас:

— Каб ён так жыў, як у яго гэты конь доўга выбудзе, ён яго як бачыш згаблюе. Балаголскае сэрца каменнае. Ён да каня літасьці ня мае...

Мікалай дастаў з кішэні пачак махоркі і пачаў круціць папяросу. Крывы нос яго чырванеў, вока ён больш яшчэ прыжмурыў.

— Чаму ты, Алесь, так рана сёньня каня прывёў. Хіба ехаць куды сабраўся?

— У сельсавет трэба ісьці.

— Чаго?

— Каморніка гэтага гадзіць будзем.

— Гэта ўжо цяпер?

— От, якраз цяпер і добра, да сьнегу каб скончыць.

— Наймеце мяне тычкі ставіць. Я затанна згаджуся.

— Грошай няма. Няхай усякі сваю чаргу адбудзе.

Алесь падышоў да Мікалая. Мікалай думаў, ці так маўчаў. З завулка ехалі конна хлопцы і мужчыны. Белабароды Павал ехаў паперадзе, наводшыбе ад усіх — конь яго меў самы шырокі крок.