Старонка:Зямля (1928).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

каб так ужо дайшло, што ніякае рады. Пасядзеўбы бяз хлеба, а каня ніштаватага прыдабыў-бы! От як!

Юрка адышоўся да кустоў. Перакінуўшы цераз плячо аброць, ён падаўся на блізкую дарогу, аброслую ў кустох мятліцаю і трыпутнікам. Мятліца паасыпалася і тырчэла белаватаю травяною саломаю. У глыбокіх каляінах хавалася разьмешаная калясьмі гразь. Пазвоньваючы цуглямі, ён вышаў на той бок кустоў. За паплавамі голае поле зьлівалася з небам. Неба на захадзе прачышчалася. Сінія хмары бурна падалі за чорную рысу далягляду і там, дзе яны назаўсёды разарваўшыся імчаліся ў сваё бяздоньне — зялёная сінь неба веела бязьзьменнай далячынёю. На зямлі было пуста і прасторна.

Юрка глядзеў на чорную ральлю за паплавамі, гладкую і ня ўкрытую яшчэ першымі ўсходамі жыта, падышоў паплавамі да вузкае і чыстае рэчкі і раптам заплакаў. У вачох яго стаяў вобраз памерлае летась цёткі Наталі і паўставала тая горкая хвіліна, калі бацька яго даў быў ёй раз хамутом у плечы. І яшчэ большае нешта выплывала ў памяці: як пасьля бацька тужыў і нудзеў аб гэтым, запрагаючы каня, каб адвезьці Мікалая крываносага на магілкі, капаць ёй яму. У хаце тады і на дварэ было пуста — усе пашлі да дзядзькі Сабастыяна наведваць памерлую.

Яшчэ злосны твар старога Паўла і жорсткія вочы Юліка Барановіча зьяўляліся ў ваччу яго. Глыбокая нянавісьць да іх душыла яго. Ён ня думаў, а сьвядома разумеў сэрцам, што ўсе гаворкі чужых людзей — надзвычайна далёкія ад усяе тае праўды, якая была, ці магла быць ва ўсёй гэтай жыцьцёвай справе.