Старонка:Зямля (1928).pdf/353

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Перад вокнамі ў дварэ брат высьцілаў у возе сядзеньне.

— Ну, то чаго вы, мама, плачаце?

— Добра яно. Але ўсяк думаецца. Тады, дык ехала недалёка, у свой горад, а гэта за сьвет, нямаведама. Дык мацерынаму сэрцу і горка.

Бацька кульгаў па хаце і быў вясёлы:

— От табе і папагаварылі, і языкамі папамяньцілі. Цяпер усякаму скажу. Гэта ні то што...

Дзядзька Вашыновіч тупаў на дварэ каля саней, стараючыся памагчы. У хаце чуваць быў яго голас. І якім родным раптам здаўся гэты голас:

— Тымчасове, заварацень слабы, гатоў лопнуць.

Брат звонка адказваў:

— Ня лопне.

— Ой глядзі, каб у дарозе важдацца не давялося.

Бацька пашоў з хаты, прынёс у сані бярэмя сена. Стаў вымошчваць у нагах. І якія-ж у яго слаўныя, родныя маршчыны каля вачэй і на ілбу.

Усё было гатова. Куплены ў горадзе лазовы кошык, замкнёны зялёным замком, быў перавязаны тоўстым шпагатам. Маці клапацілася:

— Ці хаця-ж усё там тваё цэла за гэты час?

— Цэла будзе.

— Гаспадыня хаця ці пільнавала там?

— Пільнавала.

— Можа ты нядобра і зрабіла, што, едучы сюды, ня ўзяла з сабою хаця самага лепшага?

— Цэла будзе. Сёньня пазабіраю.

— Цяжка табе будзе там у поезд.

— Брат паможа.

— Хіба што.