Старонка:Зямля (1928).pdf/351

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што вы цяпер робіце?

— Вучымся.

— А я яшчэ і тату памагаю ў гумне.

— І я памагаю. Кагадзе каня паіў.

— Ты ж вядра з студні не дастанеш.

— Уга! Не?! Лепш нават за цябе!

І ўсе засьмяяліся. Маня глядзела на іх абодвых, малых, радасна нейк, прыхільна, з добрай усьмешкай. Алесь жартаўліва падхапіў іх кожнага пад паху. Падняў і паставіў на зямлю.

— Лёгкія вы якія.

— Я за Юрку цяжэйшы.

— Зусім ты за мяне не цяжэйшы.

— Бо і цяжэйшы.

— А як-жа вы ведаеце, абодва?

— Мы важыліся, яшчэ ўлетку.

— Дык я-ж і быў цяжэйшы.

— Не, я.

— Вы абодва роўныя.

Зноў падхапіў іх. Тыя рагаталі.

— Ай, пусьці, Алесь.

— Яшчэ падарвешся, мы-ж цяжкія. Мала што ты гаворыш. От паглядзіш, возьмеш.

Пагладзіў іх абодвых па галовах:

— Расьцеце, сынкі, расьцеце, браткі. Вучыцеся. Выростайце моцнымі, дужымі. Расьцеце. Выростайце. Бяжэце дадому, ня мерзьніце.

У хаце запаліў агонь. Мацеры нездаровілася. спала, укрыўшыся ўся ватовымі вопраткамі. Маня пачала брацца за нейкую хатнюю работу.

— Пачакай, Маня, пасядзі.

— Чаму?

— От пасядзі. Пагаворым.