Старонка:Зямля (1928).pdf/349

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ня буду. Неўзабаве зноў чакай ліста, буду пісаць часта. Цяпер вечар, кагадзе прышоў, зьмёрз і грэюся. Тут халады. Бывай здарова".

20 сьнежня.                                         Андрэй.
XXІІІ

За вуліцамі, за хатамі, над лясамі і полем узыходзіў месяц. Вячорнае неба было чыстым і шырокім. Прытульна і вольна скрыпеў сьнег пад нагамі, але была зімовая цяплыня і спакой. Ганна паволі ішла вуліцаю. Расьсеенымі зіркамі акідала хаты. Яшчэ не сьцямнела зусім і востра вырысоўваліся ў небе вельмі выразныя абрысы далёкіх і блізкіх дрэваў. Далёкія кусты ледзьве цямнелі няроўнаю істужкаю за полем. Усё маўчала і слухала. Ганна адна была на вуліцы. Асалода ад гэтага спакою поўніла яе. Раптам утрапеньне пачуцьцяў ускалыхнула яе. Абое яны памкнуліся былі прыпыніцца, нават несьвядома, на адзін найкаротшы момант, зрабілі былі гэта-яна і Алесь, што прайшоў насустрач. Пасьля пашлі. І цяжка было Ганьне разабрацца ў наступныя хвіліны ў сваіх пачуцьцях і ў вострай трывозе сваёй. Адно сказала:

— Добры вечар.

І пачула яго, гэтакі знаёмы, голас:

— Добры вечар.

А як дайшла да свае хаты, прыпынілася на хвіліну ў варотах. Не азірнулася назад, а паглядзела на верхавіны высокіх дрэваў на чыстым вячорным небе. „Сёньня-ж напішу пра гэтую трывогу сваю Андрэю“. Але, прышоўшы ў хату, пасядзела моўчкі каля вакна і на доўгі час пахавала ўсё гэта ў душы сваёй.