Старонка:Зямля (1928).pdf/348

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Я-ж ведаю, што ты не з раскошы і можаш і з недастаткамі мірыцца. Усё-ж ткі добра, што я паехаў. Памятаеш, як я хістаўся, дый абое мы мелі думкі, што ня трэба мне кідаць гатовае службы, большменш спакойнага жыцьця і нават забясьпечанасьці матэрыяльнай. Але нешта не дае мне ўсё спакою, цягне мяне. І добра. Зусім добра, што перамог гэтыя страшныя думкі і паехаў. Праўда, што той ліст быў нейкі, як ты пісала, "сталы". Настрой быў гэтакі, узьнятасьць настрою, імчаньне думак. Гэта часта бывае са мною. Дык напішы мне, як ты думаеш пра тое, каб прыехаць табе сюды. Пражывём. Можа і ня прыдзецца табе і сядзець у бацькоў да вясны. Вельмі гэта добра будзе, калі ўсялякія там гаворкі пашлі. Я ведаю, што табе прыкра ад гэтых гаворак. Калі ўсё аформіцца добра і калі ты будзеш згодна прыехаць, дык я напішу табе, калі выяжджаць, У які дзень, каб мог тады спаткаць цябе на вакзале. А то ты прыедзеш і ня ведацьмеш, куды падацца. Яшчэ наконт грошай на дарогу. Мусіць, давядзецца табе папрасіць і ў таты, бо ў мяне, мусіць, ня хопіць. Але гэта яшчэ невядома, тады буду бачыць. Можа, тату будзе і няпрыемна, бо яму-ж нагаварылі былі, ды ён і сам думаў, што я вельмі многа зарабляю. Я-ж сам чуў гаворкі, што ты за мяне пашла панаваць. Нейк усё ўспамінаецца цяпер, думаецца пра ўсё гэта. Я твае лісты ўсе атрымаў. Падабаецца мне, як ты пішаш. Зусім ня гэтак, як звычайна гаворыш. Паводле лістоў, нейкай іншай здаешся, вельмі сталай, разважлівай. А ты-ж усяго і ёсьць мая малюсенькая Ганулька, Гануся. Пішы. Я думаю, што неўзабаве ўбачымся. Калі прыедзеш, дык зіму і лета і яшчэ тую зіму давядзецца жыць тут, а тады на практыку буду выяжджаць. Але да гэтага яшчэ далёка і многа раздумваць над гэтым