Старонка:Зямля (1928).pdf/332

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
XVІІ

Гаворкі цяпер сталі выразнымі і нават як-бы трывожнымі, усе здагадкі былі адкінены. Усё было вядомым і даўно вырашаным. Бо ўсе бачылі, як па паўдні Ганна прыехала да бацькі. Фурман, які прывёз яе, заехаў у двор і папасваў там больш гадзіны, а пасьля выехаў. Нават нейкімі як-бы сакрэтнымі сталі гаворкі. Вестка абляцела ўсіх. І от тады Вашыновічыха пашла да Барановічавых пазычыць сіта муку прасеяць.

— Дзяндобры.

— Добра здароўе.

— Як маецеся?

— Дзякуй. Як вы?

— Жывом паволі. Што ад Ганны чуваць? Ці здарова хаця? Можа пісала што?

Барановічыха злосна паглядзела на Вашыновічыху і адказала:

— Нічога, Ганна здарова. Сёньня прыехала ў госьці.

— Ці бач?

— Але.

— Ці надоўга-ж?

— Можа да канца зімы. Бо Андрэй паехаў у вялікі горад давучвацца. Дык пакуль там асталюецца. Тое ды сёе...

— А-а, бачыш ты, давучвацца паехаў. Ну, няхай бог памагае. Як-жа хаця выглядае Ганна, як маецца?

Ганна вышла ў кухню. Твар яе трошкі зблажэў ад таго, як быў раней, трохі на ім ляжалі сьляды здарожанасьці. Усьмешка яе была ціхаю, задуменнаю. Адзнакі нейкае новае нявыразнае сталасьці былі ў постаці яе.