Старонка:Зямля (1928).pdf/331

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Чаго ты сумаваў кагадзе?

— Успомніў быў бацьку, думаў пра хату гэтую, без падлогі, пра Тамаша думаў. Бывае гэта з чалавекам. Ведаеш? Цяпер пераламалася юнацтва, поўным стало яно, на поўдні сваім стала... Слаўна мы пажывом з табою.

— Слаўна.

— Ты верыш у гэта?

— Бачу.

— Добра... Ведаеш, я от думаю, што ня будзе ў нас тых дробных няпрыемнасьцяй, якія не давалі жыць нашым бацьком.

— Я рада, з табою.

Яшчэ гаварылі шмат, доўга. Пашлі да Волькі. İшлі змрочнаю і ціхаю вуліцаю. З поля дыхала ветрам, мяккім, шырокім. Абвяваў вецер твар, весяліў сэрца. Сінеў змрок вечару.

— Каб хутчэй вясна.

— Шмат яшчэ вёснаў будзе.

Глянула з падзякаю яму ў твар. Выклікала ў яго радасную усьмешку. Пашлі шпарчэй.

— Што там у нас цяпер дома робяць?!

— Не адвыкла яшчэ.

— Ні то што... Думаецца.

— Бацька твой вясёлы.

— Так гэта ён, гаваркі гэтакі. Калі бяда якая, дык пасьпявае, пасьмяецца, хоць на сэрцы каты скрабуць.

— Мой бацька ня гэтакі быў. Калі што якое нядобрае, дык, бывала, нудзіць і маўчыць.

Ішлі поплеч, цесна адно пры адным.

— Як у ногу мы ісьці злаўчыліся.

— Трэба-ж. Гэтак будзем ісьці вялікую сваю дарогу. Слаўную дарогу.