Старонка:Зямля (1928).pdf/330

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён адказваў:

— Добра, мама.

А сам усё думаў пра гэтыя мацерыны словы. Маня запытала раз:

— Чаму ты нейк нявыразна гаворыш маме пра хату?

Адказаў:

— Невядома, як будзе.

— Чаму?

— Можа на вясну будзем перамерваць усё, і зямлю, і пляцы.

— У вас-жа мералі ў гэтым годзе?

— Адзін кавалак... Усё нанава...

— Як ведаеш.

І глядзела з вераю, сілай і каханьнем у вочы яму.

Гэта было сінім адвячоркам. Цямнелі праз вокны дрэвы. Неба адчувалася высокім, прасторным. Пачынаў ісьці з поля вецер. Алесь прыгалубіў Маню, гладзіў па валасох. Хацелася гаварыць ёй пра тое, як разам будуць зжываць гразь і крыўды жыцьця. Як гэтая бацькаўская хата пакіне па сабе чорную памяць. Пачаў гаварыць ён. Доўга гаварыў.

— Ты нейкі як-бы сумны, Алеська?

— Не... так.

— Настрой у цябе гэтакі... Зажурыўся?

— Пройдзе.

— Не заўсёды-ж быць вясёламу вельмі. Я гэта ведаю.

Усьміхнулася ціха, слаўна, як-бы вінавата нейк.

— Будзем жыць, Алеська, добра ўсё будзе.

— Добра.

— Будзь весялейшым.

— Буду.

І павесялеў. Павесялелі абое. Сьмяяліся.