Старонка:Зямля (1928).pdf/329

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
XVІ

Трэба было яшчэ адгуляць вясельле. Маня і гаварыла пра гэта, бо не хацела адмоваю крыўдзіць бацькоў і брата. Алесь гаварыў, каб зрабіць гэты вясельны абед пасьля, праз нейкі час, калі ўжо гэтак трэба, але ўсё-ж згадзіўся — Маня прасіла яго не псаваць добрага настрою яе родным. Алесь адчуваў вялікую зьмену ў сваім жыцьці. Перажывалася мяжа між дзьвюма часткамі жыцьця. Пачыналася новае, невядомае раней. Цяпер больш, як раней, усялякіх думак зьяўлялася ў Алеся. "Гэтак, мусіць, і дзед мой, і бацька перажываў. Думаў іначай, а перажываў, мусіць, нешта падобнае. Усё падобна. А што я зрабіў, каб зьмяніць жыцьцё, каб іначай жыць, каб ня быць ва ўладзе горкага бацькаўскага лёсу? Бо дрэнна жыў бацька". Ён быў задуменны і гэтак, як ніколі раней, сталы, у гэтыя першыя дні. Шмат гаварыў аб усім з Маняю. Адчуў з горасьцю, як шмат чаго ў ім не зразумее яна, і ўпартая думка апанавала ім — нейк іначай жыць, каб мела яна час вучыцца і зраўняцца з ім. І ў гэтыя, хоць кароткія, але горкія, хвіліны, вобраз Ганны мучыў яго, не даваў яму спакою. Пасьля з пашанаю думаў пра Вольку. А пасьля прайшло ўсё гэта, прытупілася. Зьнікла. Прышла радасьць блізкасьці Мані. Сілу і добрае сэрца адчуў у яе. Хадзіў з ёю на адчыненыя сходы ячэйкі, хацеў, каб здружылася яна з Волькаю. І новыя жаданьні дзейнасьці і працы апаноўвалі ім.


Маці гаварыла:

— Цяпер, сынок, на вясну трэба думаць пра новую хату. Вельмі-ж старая гэтая, яшчэ дзедаўская.