Старонка:Зямля (1928).pdf/328

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, а ты, Алесь?

— Мяне сьмерць Тамаша страсянула ўсяго. Ніколі ня думаў, што гэтак выбе мяне з каляіны. Як сам ня свой.

— А так?

— Ведаеш-жа... Нічога... добра... Усё перавярну. Мікалай крываносы на вясну пойдзе куды-небудзь вялікае работы шукаць. А гадоў праз тры ці пяць зноў, казаў, зьявіцца тут. Дык каб не пазнаў ён тады ні вуліц гэтых, ні людзей. Маладое пакаленьне падрастае, лягчэй ваяваць усё робіцца. Эх, ты...

Жартаўліва ўзяў Вольку пад руку.

— Дык каб адправілі мяне на лета вучыцца. Чуеце?

— Ну, добра.

— Глядзеце-ж... А ты, Клемусік, ня сумуй па маёй сястры, зараз прыедзе сюды... Хлапчанё ты.

Алесь сказаў:

— Ён яшчэ от возьме, ды, жартаў не пазнаўшы, пасватаецца да яе.

— Можа і пасватаюся.

— А што ты думаеш, можа табе і варта ажаніцца. Пасталееш. Хто цябе ведае.

Волька засьмяялася:

— Бач ты, якія парады пачаў даваць. Сват. Давайце па вуліцы павалочымся, ціхі і цёплы вечар.

— Хіба куды на вячоркі закоцімся?

— Давайце. Бяры мяне, Клемусік, пад руку.

— А мне ў адстаўку падавацца ці што?

— А ты з другога боку.

Пашлі на асьнежаную вуліцу. Калыхаўся сіні змрок над чорнымі хатамі і дрэвамі.