Старонка:Зямля (1928).pdf/322

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„А з кім-жа я цяпер слова роднае скажу.

„Ды чаго-ж ты, родны мой, уцякаеш ад нас.

„Ды чаму-ж ты не пажыў яшчэ з намі.

„Можа-б ты і дабра якога прыждаў-бы.

„А нашто-ж ты, даражэнькі, гараваў гэтак многа.

„А чаму-ж ты маўчыш, Тамашка.

„А ці памятаеш ты, як падверадзіўся быў за работаю.

„А як прасьветлае гадзіны за работаю ня бачыў.

„А як ня спаў ты ўлетку.

„А як аслабеў ты раз быў, робячы ня еўшы.

„А як сваю нябожчыцу хаваў.

„Ды чаго-ж ты выбраўся ад нас у гэтакія халады.

„Ды якая-ж зямелька табе цяпер халодная.

„А чым-жа мы табе не дагадзілі, Тамашка.

„А каб ведала я, дык не адыходзіла-б ніколі ад цябе.

„Ой, нашто-ж гэта на сьвеце ўсё робіцца гэтак.

„Ой, ды хоць апошні раз я нагледжуся на цябе".

Яна ўпала каленьмі на сьнег, перамешаны з жвірам, і прыпала губамі да яго твару.

— Паднімайце труну, — сказаў Мікалай.

Яе адвялі пад рукі і паднялі на руках труну нявысока над зямлёй, падсунулі бліжэй да ямы.

Празрыстаю бураю зыкаў закружылася паветра, медзяныя зыкі музыкі доўга жылі ў халодным бяздоньні зямлі і неба. І яшчэ ледзьве сьціхлі яны, як нэрвовы жаночы голас парушыў замарожаную цішыню:

— ...І от, у гэтую апошнюю хвіліну, мы кажам яму наша дзякуй за тое, што ён быў маладым сярод нас усіх...