Старонка:Зямля (1928).pdf/323

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Волька! Яна стаяла на накіданай мёрзлай гліне і гаварыла. І апошнія словы яе зноў заглушылі медзяныя зыкі. Яны ўвасаблялі ў сябе ўсю магутнасьць сьвету і ўсю яго слабасьць. І вялікасьць усіх вялікасьцяй была ў гэтых зыках.

Тады пачаў гаварыць Алесь.

Раптам жаночы голас востра рвануўся ў халодным бляску:

— Не накрывайце яшчэ, дайце мне наглядзецца на яго.

Старую падтрымалі пад рукі і накрылі векам труну. Твар Тамаша назаўсёды быў закрыты ад людзей.

Глуха і цяжка стукала мёрзлая зямля па труне ў глыбіні ямы. Хлопцы адышліся на край могілак і ігралі. Волька затульвала свой кароткі кажушок, адыходзячыся да музыкантаў. Алесь раптам адчуў, як нейкая пустэча на некалькі хвілін напоўніла яго, як-бы што адарвалася ў ім. Глянуў на белабародага Паўла, — той, прыгнуўшы плечы, стукаючы па мёрзлай дарозе цяжкаю палкаю, паволі ішоў з могілак. Глянуў на музыкантаў — твар Клемуся прыкмеціўся яму выразна.

Як сканалі апошнія зыкі музыкі, Алесь вострым зіркам акінуў насып гліны і сьнегу. От і ўсё!

XV

Яны стаялі вечарам каля Алесевае хаты і адчувалі на тварах мяккія ўздыхі адлежнага ветру. Мікалай трымаў у руках цэп, выдзьмухваў пыл з вусоў, атрэпваў з жакеткі асьцюкі. Алесь курыў, глядзеў. Клемусь варушыў каленьмі, моцна стоячы на нагах. Алесь гаварыў:

— Да вясны, значыцца?