Старонка:Зямля (1928).pdf/307

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Памрэ хіба?

— У комуну пойдзе. Будзе рабіць і жыць. і галава ня будзе балець пра ўсялякія непатрэбныя чалавеку дробязі.

— Ну, а ты-ж чаму ня ідзеш сам?

— Дык от мы з ім разам і пойдзем.

— А я пайду сабе на новае месца куды. Дарма, што ты гаворыш, што нявольны я.

— Я не кажу, што ты нявольны.

— Кагадзе гаварыў.

— Гаварыў, што ня можаш ты сабе ніяк узяць у галаву, як гэта вольнаму адчуваць сябе, не брадзяжыўшы і ня жывучы аднаму, як вецер.

— Можа і не магу, хто яго ведае... Пад вясну пайду куды ў сьвет.

— Усяго табе добрага.

— Гэтак сама і табе. Я волю бачу ў сабе.

— А я ў сабе. Ня мінеш ты мае волі.

— А можа і міну. Цяжка нам уведаць адзін аднаго.

XІІ

Гэта было падобна да трывогі. І абышло гэта ўсіх у позьнюю раніцу. Больш холадна аднёсься да гэтага белабароды Павал. Ён ішоў па вуліцы з рэзьгінамі за плячыма. Юлік Барановіч паіў каля калодзезя коні. Убачыў Паўла, аддаў яму дзяндобры і, выдзьмухваючы з вусоў жытні пыл, гукнуў:

— Чуў?!

— Што?

— Тамаш памёр.

— Калі?

— Кагадзе што сканаў.