Старонка:Зямля (1928).pdf/306

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рабілася. Дзяцей трэба даглядаць. Гэта самае патрабнейшае. Бо што-ж тут іначай.

Алесь адказаў:

— Вядома, што гэта самае важнае. Тут справа сямейнага ўсталяваньня.

Мікалай падумаў і сказаў, перамагаючы стомленасьць ад малацьбы і хмель ад выпітае гарэлкі.

— Калі ў чалавека сям'я, дык тады трымайся. Аднаму, вядома што, вальней. Адна галава небядна.

— Дык, патвойму, лепш сям'і ня мець?

— Ні то што...

Алесь раптам адчуў прыліў хмельнае ўзбуджанасьці:

— Да ты заўсёды гаворыш гэтак. А што ты такое на зямлі, сярод людзей. Жывеш от, малоціш у Аляксандра. А што ты зробіш для жыцьця? Ты для сябе жывеш, адзін.

— Але я вольны. Куды захачу, туды і пайду.

— Аднак-жа нікуды ня ідзеш, а дзень пры дні да самага цямна малоціш у Аляксандра. А Аляксандар патом больш вольным сябе пачувае за цябе.

— Як?

— Так, што ён урос у жыцьцё ўсімі каранямі. Што яму, ён, жывучы, гаспадаром пачуваецца.

— І па горла задаўлены ўсім.

— Ну добра, а калі ты пойдзеш калі-небудзь, як сам кажаш, брадзяжыць. Ну, паходзіш ты па сьвеце, а тады што? Што ты зробіш такога?

— А іншы хто, распладзіўшы сям'ю, што зробіць? Ну от Мацьвею цяпер прышлося, хоць што хочаш.

— Што хочаш? Мацьвей праз год які вызваліцца ад усяго, і ад патрэбы супроць свае волі жаніцца, і ад таго, што дзеці недагледжаны, і ад чаго ты сам хочаш.