Старонка:Зямля (1928).pdf/308

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну... вечны спакой... Ага... Такі сканаў. Хварэў здорава.

Вашыновіч дзеля гэтага выпадку прышоў па паўдні да Барановіча:

— Вечны спакой. От жыў чалавек, жыў, рабіў, дый сканаў. Нічога чалавек не парадзіш, як-бы, тымчасове, ня жыў, а ўміраць трэба. Хоць разарвіся, а нічога ня зробіш. Так усяму жывому на раду напісана.

І Вашыновіч уздыхнуў. Барановіч сказаў:

— От гаварылі на яго ўсяк, а ён, патом, каб му лёгкае паляжаньне на тым сьвеце, добры быў чалавек. Разумны і сумленны. Вядома, жывучы, усім не ўнаровіш, але крыўды, дык, сказаць, нікому ён і не зрабіў. Жыў, можна сказаць, пачалавечаму. Я і сам, бывала, часам з ім сашчаплюся паспрачацца, а патом кепскім словам няма за што яго ўспамінаць.

Убачыў у жонкі на вачох сьлёзы і пачаў моўчкі закурваць. Жонка заплакала мацней:

— Бывала, мой божа, і маладым быў... я была на шмат малодшаю за яго, а ён старэйшы, а патом і гулялі разам. Як жывога бачу. А гэта ўсё прашло, усё мінулася. Як нічога і ня было. Як-бы і непатрэбна нічога. Нічога не засталося...

Барановіч уздыхнуў:

— Ат... От яно жывецца...

Вашыновіч сказаў:

— Тымчасове, яму, сказаць, і ня лішне дрэнна жылося пад старасьць. Дзеці вырасьлі, а ён цяжкае работы і не рабіў. Старасьць, сказаць, ня лішне і кепская была.

— Ну, няўжо-ж, каб ён да самае труны рабіў гэтак, як ззамаладу. Якое яму там дабро было. Што там за дабро ўжо.