Старонка:Зямля (1928).pdf/296

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дык жонку пакідае, усё як-бы да часу. От табе яна і пашла замуж. Вельмі зайздросьцілі ўсе, што вучаны, разумны, далікатны... Ай, што там ужо за золата!

Пасьля гаворкі гэтыя пачалі заціхаць, але адзін раз, калі пралі ў Вашыновічавых вечарам, гаворка зацягнулася за поўнач:

— Кажуць, што вельмі кватэра ў Ганны добрая.

— Ну, пэўна, што абы ў якой кватэры каморнік жыць ня будзе.

— Ды чаму ня будзе. Гэта як да чалавека.

— Ну пэўна што, але хлопец іхні, Барановічаў, гаварыў, што вельмі-ж там ужо ўсё ў іх дасканальна.

— А от Юлька Сымонава таксама заходзіла да іх як на суд езьдзіла, дык гаварыла, што нічога там вельмі гэтакага і няма. Голыя, кажа, сьцены. Адно, кажа, канапка стаіць і дыван перад ёю пасланы. Гэта то ўжо вядома, папанску, але-ж, акром гэтага, нічога больш і няма. Столік адзін. Нават ложка, кажа, няма. Ну, падлога новая ў хаце, вокны памаляваны... Чысьценька ўсё... Мусіць, гэта адно гаворка была, што ён шмат зарабляе.

— А што-ж табе здаецца. Гэта-ж усё трэба з капейкі. Ён-жа свайго хлеба не нажаў, не намалаціў. А ў горадзе ўсё купіць трэба. Ну, а як паедзе, як той Барановічаў хлопец казаў, здаваць нейкую дыплёму, дык дзе ён лішне набярэцца, пакуль-жа ў новым месьце, ды яшчэ вялікім, асталявацца...

— Не, мае сястрыцы, не кажэце! Каб хацеў ён з ёю жыць, дык не адпраўляў бы яе да бацькі. Лепш — горш было-б, але, патом, узяў-бы з сабою, каб на добры лад. Не кажэце, мае родныя.

— А я чула, што гэта прыедзе яна на трохі, пакуль ён там знойдзе кватэру і асталюецца, як