Старонка:Зямля (1928).pdf/295

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Мала што плятуць. Языкоў не папрывязваеш.

— А як гэта мне слухаць!

— Вам, мама, і слухаць ня трэба.

— А калі ўсё гэта праўда?

— Ня можа гэтага быць. Ганна вясёлая, здаровая. Так-бы яна інакшаю была-б, каб гэта ўсё праўда.

— Каб-жа ўсё добра было.

— Кіньце вы.

Юлік Барановіч пачаў злаваць:

— От гэтак заўсёды—выдумае якую-небудзь злыбеду, а потым аж млее, бабская галава... Дурная. Што гэта за інтэрас яму браць жонку на месяц. Што гэта. Ды яшчэ і бацькоў ашукваць. Ня мог-бы ён дзе ў горадзе сабе знайсьці, калі-б ужо на тое пашло ў яго. А гэта, як мае быць, чалавек сталы... Ты пакінь енчыць. Што ты гэтых бабскіх плётак слухаеш. Начорта гэта мне, каб была ў хаце гэтая работа. Сьціхні ты, ды не ўспамінай больш чорт ведае чаго!

Пасьля гэтага Барановічыха падумала, што і сапраўды нічога ня здарылася гэтакага, што-б магло наводзіць на сумныя думкі аб Ганьне. І адно каліні-калі ўздыхала:

— Каб хаця-ж усё добра там у іх было.

І паволі рабіла сваю хатнюю работу, заспакоеная і маўклівая.

Гаворкі-ж тыдняў два ня сьціхалі. Сабастыяніха некалькі разоў гаварыла пад калодзезем:

— У Барановічавае Ганны, мае вы родныя, нелады з гэтым каморнікам. Хлопец іхні езьдзіў туды, дык гаварыў, што нават Ганна гатова неўзабаве да бацькі прыехаць, бо каморнік вучыцца зьбіраецца ехаць надоўга. Заграніцу некуды паедзе. А ў гэтых-жа гарадзкіх гэтак, калі куды выяжджае,