Старонка:Зямля (1928).pdf/294

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

перашнія. Выўчыўся, дык няхай-бы жыў. Дык от-бо не. Яшчэ мала. Яшчэ каб больш. І што яны там наўчацца ўжо. Што там ужо за навука гэтакая... Няхай-бы ты, сынок, угаварыў там як яго, каб ён ня вучыўся больш. Няўжо ён ня можа пражыць з гэтае свае навукі? Ён-жа служыць, улетку мераючы зямлю, таксама не дарэмна гэта рабіць будзе. Няўжо яму на гэта сышло, што от канешне больш яшчэ вучыцца. Гэта ў яго няйначай у галаве закруціла, або можа зводзіць гэта хто яго. Ганна-ж яму не растлумачыць, яна-ж спакойная гэтакая. Ён можа што калі і скажа на яе, дык яна-ж назад не адкажа.

— Ня думайце, мама, што ў іх так можа быць, як у вас. Адзін на аднаго нічога ня будуць гаварыць. Калі што якое ня так, дык патаварыску пагавораць і дагаворацца, да чаго ім трэба.

— Гэта, сынок, адно здаецца гэтак. А жывучы, дык яно, патом, усяго бывае. Бачыла я і гэтых панаватых, як яны жывуць.

— Чаго вы, мама, гэтак убілі ў галаву сабе нешта, самі сабе страху нагналі і ўсё думаеце ліха ведае пра што.

— Калі-бо языкамі чэшуць вельмі. Як гэта ўсё дазнаюцца! Ты адно ў сваёй-жа хаце сказаў, што на весну можа Ганна прыедзе дадому, калі ён вучыцца, ці давучвацца там, паедзе, а тут ліха ведае, што ўжо гаварыць пачалі. Гавораць і гавораць.

— Што гавораць?

Што гэта Андрэй зусім Ганну кінуць хоча, што гэта адно адгаворка, што давучвацца яму трэба ехаць. Каб, кажуць, трэба было ехаць давучвацца, дык мог-бы і жонку з сабою ўзяць або пакінуць там, на кватэры. Не, мусіць, гэта, кажуць, зусім ён з ёю расквітацца хоча...